ГЕАБАТАНІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі сушы на рэгіёны, адносна аднародныя паводле складу і структуры расліннасці і глебава-араграфічных умоў: вобласць, зона, падзона, акруга, раён. Тэр. Беларусі знаходзіцца ў зоне спалучэння 2 геабат. абласцей (зон) галарктычнага дамініёна: Еўразійскай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной. У межах абласцей вылучаны 3 геабат. падзоны, якія вызначаюць шыротна-кліматычную занальнасць расліннага покрыва: паўночная (дубова-цемнахвойныя, або шыракаліста-яловыя, лясы); цэнтральная (грабава-дубова-цемнахвойныя лясы, або ялова-грабавыя дубровы); паўднёвая (шыракаліста-хваёвыя лясы, або грабавыя дубровы); 7 геабат. акруг, якія адлюстроўваюць унутрызанальныя адрозненні расліннасці: Аршанска-Магілёўская, Ашмянска-Мінская, Бугска-Палеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Заходнядзвінская, Нёманска-Перадпалеская, Палеска-Прыдняпроўская; 25 геабат. раёнаў.

т. 5, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)